Літаратурнае падарожжа "1.1.1"


“1.1.1” – штогадовы праект-падарожжа, прымеркаваны да дня нараджэння Петруся Броўкі і прысвечаны тром беларускім творцам ушацкага паходжання з заслужаным званнем народны – Петрусю Броўку, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну.
У год малой радзімы і 95-годдзя Васіля Быкава – мы зноў вяртаемся да вытокаў. Нас чакаюць бацькоўскія хаты: Рыгора Барадуліна – ва Ушачах, Васіля Быкава – у Бычках, Петруся Броўкі – у Пуцілкавічах. Накіроўваючыся на поўнач Беларусі, маючы за вакном неверагодна прыгожыя краявіды Віцебшчыны – гераічнага краю, урадлівага на змагароў, паэтаў і мастакоў, – мы атрымаем задавальненне ад вершаў і прозы, якія будуць гучаць нон-стоп у выкананні саміх жа вандроўнікаў.
Першы прыпынак нас чакае ля невялікай, але знакавай крыніцы, якую вядомыя літаратары называлі “броўкавай”. З успамінаў пра П.Броўку вядома, што па лепельскай дарозе на родную Ушаччыну ля крыніцы непадалёку ад рэчкі Эса на працягу ўсяго жыцця заўсёды спыняўся П.Броўка. Гэтую ж добрую традыцыю народны паэт перадаў вядомым беларускім паэтам і пісьменнікам, якія ездзілі гэтай дарогай дадому, – А.Савіцкаму, Г.Бураўкіну, В.Быкаву, Р.Барадуліну і інш. Выдатная магчымасць наталіцца жывой вадой з “крыніцы паэтаў”!
Ва Ушачах пад знакамітым “бацькоўскім вязам” Барадуліна мы зможам шчырым словам узгадаць дзядзьку Рыгора, з ласкі яго ўдавы Валянціны зайсці ў дом, дзе сёння ўсе рэчы памятаюць паэта і нагадваюь пра яго асобу.
Важным пунктам ва Ушачах будуць мясцовыя могілкі, дзе знайшоў вечны прыстанак народны паэт. Мы пабачым валун з высечаным на ім крыжом, які быў пастаўлены па просьбе ў вершы самога Р.Барадуліна ў якасці надмагільнага помніка восенню 2015 года.
У вёсцы Бычкі, дзе нарадзіўся юбіляр гэтага года Васіль Быкаў, нас чакае прыемная сустрэча са сваяком пісьменніка Мікалаем Хараком, які наглядае за Сядзібай-музеем Васіля Быкава.
Апошняй кропкай у падарожжы стане загадкавая вёска Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся народны паэт Беларусі – Пятрусь Броўка. Мы пазнаёмімся з адным з нямногіх яе жыхароў – Міхаілам Сысом, які зараз кіруе Хатай-музеем Петруся Броўкі, даведаемся пра музейныя адкрыцці апошняга часу, што зрабілі супрацоўнікі Літаратурнага музея Петруся Броўкі ў Мінску. У шчырай кампаніі добрых людзей абмяняемся ўражаннямі, якія мы атрымаем за цэлы дзень вандроўкі па Віцебшчыне, з’ядзім суп па-ўшацку, паслухаем спевы, патаньчым.

Заявіць пра свой удзел у падарожжы можна па тэлефонах:
(017) 226-09-81; (029) 338-88-23
Ці праз нашыя сацыяльныя сеткі:
facebook.com/museum.brovka
vk.com/museum_brovka
Кошт (пераезд аўтобусам) – 20 руб.
Удзел на сваіх аўтамабілях шчыра вітаецца!
ДЭДЛАЙН падачы заявак – 21 чэрвеня!

ПРАГРАМА ЛІТАРАТУРНАГА ПАДАРОЖЖА “1.1.1”

7.45 Збор удзельнікаў на паркоўцы перад гандлёвым цэнтрам Dana Moll (ст. метро “Усход”).
8.00-10.40 Пераезд да “Крыніцы паэтаў”.
10.40-11.10 Наведванне “Крыніцы паэтаў”.
11.10-12.00 Пераезд да дома Рыгора Барадуліна. Нон-стоп чытанні.
12.00-13.30 Наведванне дома Рыгора Барадуліна.
13.30-14.30 Кава-брэйк ва Ушацкім раённым доме культуры.
14.30-14.35 Пераезд да могілак, дзе пахаваны Рыгор Барадулін.
14.35-15.00 Ускладанне кветак да магілы Рыгора Барадуліна.
15.00-15.30 Пераезд да Хаты-музея Васіля Быкава. Нон-стоп чытанні.
15.30-16.30 Наведванне Хаты-музея Васіля Быкава.
16.30-17.30 Пераезд да Хаты-музея Петруся Броўкі. Нон-стоп чытанні.
17.30-20.00 Наведванне Хаты-музея Петруся Броўкі. Ускладанне кветак да помніка маці П.Броўкі Алены Сцяпанаўны.
20.00 Адпраўленне аўтобуса на Мінск.

Неабходна:
1. Добры настрой.
2. Кубак, каб піць з крыніцы.
3. Кветкі (з крамы, з поля, з лецішча) для ўскладання на магіле Р.Барадуліна і ля помніка А.С.Броўка.
4. Вершы П.Броўкі, Р.Барадуліна, урыўкі з прозы В.Быкава, якія вам даспадобы.
5. Вада, бутэрброды (калі забылі — можна набыць у мясцовай кулінарыі танную выпечку).
6. Рэпеленты (камары ў Пуцілкавічах вельмі любяць свежаніну).

389