Літаратурны музей Петруся Броўкі

Ці даводзілася вам бываць у цэнтры горада Мінска на вуліцы Карла Маркса? Менавіта на гэтай вуліцы ў доме пад нумарам 30, у чацвёртай кватэры, з 1951 па 1980 год жыў народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка (1905–1980). Сёння гэты дом, пабудаваны ў стылі мадэрн архітэктарам Генрыхам Гаем, з’яўляецца помнікам архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. А ў былой кватэры паэта 10 ліпеня 1980 года быў адкрыты Літаратурны музей Петруся Броўкі, які і сёння гасцінна прымае наведвальнікаў.