Рыгор Кобец. Шукальнік шчасця

23 красавіка а 16-й гадзіне Літаратурны музей Петруся Броўкі запрашае на адкрыццё выставы “Рыгор Кобец. Шукальнік шчасця”.

У 2019 годзе беларускае кіно святкуе свой 95-гадовы юбілей. З гэтай нагоды наш музей стварае выставу, прысвечаную таленавітаму беларускаму драматургу, першаму прафесійнаму кінасцэнарысту Беларусі і аднаму з заснавальнікаў беларускага кіно – Рыгору Кобецу.

У гісторыю беларускага кіно назаўжды ўвайшлі першы гукавы беларускамоўны фільм “Двойчы народжаны” і камедыя “Шукальнікі шчасця”, знятыя па яго сцэнарыях. За вялікі ўнёсак у станаўленне і развіццё беларускай кінематаграфіі Рыгор Кобец у 1935 г. атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.

На адкрыцці выставы вы зможаце даведацца пра нялёгкую, але вельмі цікавую і інтрыгуючую гісторыю жыцця Рыгора Кобеца, а таксама пра станаўленне яго як кінематаграфіста і драматурга. Вашай увазе будуць прадстаўлены матэрыялы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і музейныя прадметы з фондаў Літаратурнага музея Петруся Броўкі. Чакаем Вас!

Уваход вольны!

Выстава працуе да 14 мая.