Прэзентацыя кнігі Валянціны Аксак “Кава ў арліным гнязьдзе”

13 снежня ў 18.30 Літаратурны музей Петруся Броўкі запрашае на прэзентацыю новай кнігі Валянціны Аксак “Кава ў арліным гнязьдзе”.

Валянціна Аксак – беларуская паэтэса, журналістка, член Саюза беларускіх пісьменнікаў, лаўрэат прэміі “Залаты апостраф” (2008). Аўтарка кніг паэзіі, сярод якіх – “Віно з Каліфорніі” (2003), “Дзікая сьліва” (2015), “Завінены рай” (2017).
У новай кнізе “Кава ў арліным гнязьдзе” – амаль поўнае зліццё аўтарскага голасу з наўкольнымі зыкамі: шаргаценнем лістоты, яблыкападам, рэхам здзічэлых садоў. Але найперш – з птушынымі спевамі. І пераўвасабленнем ва ўлюбёных арлоў, шлюбныя гульні якіх выкрасаюць у небе абрысы васьмёрак. Восем – лічба, за якою бясконцасць. “Кава ў арліным гняздзе” – восьмая кніга паэткі.
Дзякуючы цудоўнаму аздабленню мастака Генадзя Мацуры, кніга зацікавіць нават тых, хто не чытае вершаў. Графіка слыннага майстра не проста дакладна перадае ўнутраную сутнасць словаў, а ўспрымаецца як галерэя самастойных мастацкіх твораў.
На прэзэнтацыі чакаем выступы гасцей імпрэзы — філосафа Валянціна Акудовіча, пісьменніка, старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыса Пятровіча, літаратурнага крытыка Ціхана Чарнякевіча, рэдактара кнігі Аляксандры Макавік, мастака Генадзя Мацуры.

Уваход вольны!

207