Ноч музеяў – 2021: Гістарычны калапс

Свет ніколі не будзе ранейшым...

Здаецца, што прадчуванні нечага нявытлумачана жахлівага і назаўсёднага лётаюць у паветры... Згодныя з гэтым? А акадэмік Мікалай Нікольскі (знакаміты сусед Петруся Броўкі, якому ўпершыню адкрыта выстава ў нашым музеі), пэўна, не пагадзіўся б. Бо гісторыя, якой ён прысвяціў сваё жыццё, сцвярджае, што ад часоў старажытнага Вавілону і да сучаснасці свет няспынна, няўрымсліва змяняўся. І, як паказвае практыка, развіццё, рух, і нават разбурэнне звычайна з’яўляюцца пачаткамі для лепшага.

Таму захоўвайце спакой і прыходзьце 22 мая з 18:00 да 23:00 у Літаратурны музей Петруся Броўкі на “Ноч музеяў – 2021: Гістарычны калапс”, каб зірнуць на наш свет вачыма непрадузятага гісторыка! Здабыткі разумнейшых цывілізацый Месапатаміі, мудрасць Рымскай імперыі, міфалогія Кітая, фальклор Беларусі будуць вашымі праваднікамі ў свет навуковага мыслення. Безумоўна, у самай загадкавай і захапляльнай форме.

ПРАГРАМА:

18:00 – Лекцыя “Становішча Элеўсінскіх містэрый у Рымскай імперыі ў I-V стст. н.э.” (Аляксандр Бадылевіч, магістр гістарычных навук).

Вы даведаецеся аб містычных культах антычнасці, у прыватнасці, кульце пакланення Персефоне. Як з’явіўся культ, што ўвайшло ў яго рытуальную практыку, як склаўся лёс прыхільнікаў культа пасля таго, як грэчаскія полісы ўвайшлі ў склад Рымскай імперыі, якое месца яны занялі ў рымскім грамадстве і рымскай уладзе, а таксама як зніклі Элеўсінскія містэрыі на сыходзе Рымскай імперыі.

19:30 – “Проста аб складаным: (не)канферэнцыя аб гісторыі старажытнаўсходніх грамадстваў”.

Discussio mater veritas est – у дыскусіі нараждаецца ісціна. Спецыяльна запрошаныя гісторыкі Ілля Лапушанскі і Віктар Дзядкоў публічна падыскутуюць пра гісторыю старажытнаўсходніх цывілізацый. Станьце ўдзельнікам навукова-папулярнай (не)канферэнцыі.

21:30 – Лекцыя “Шыфраваныя пачуцці ў беларускіх народных песнях” (Марына Дубень, салістка фальклорна-этнаграфічнага ансамблю “Багач”).

Беларускі фальклор – адзін з напрамкаў навукі, які цікавіў акадэміка Нікольскага. Але ці ўсё так проста і зразумела з нашымі народнымі спевамі? Часам, нашыя продкі праз песні выказвалі ўсё тое, што нельга было казаць наўпрост. Марына Дубень распавядзе, як беларусы шыфравалі ў народных песнях самыя салодкія фантазіі і сараматную палкасць.

А ТАКСАМА:

“Прадказанні будучыні ў старажытным Вавілоне”.

У старажытным Вавілоне практыкаваліся розныя спосабы варажбы і прадказання будучыні. Некаторыя з іх будуць зразумелымі для сучасніка. Такія, як тлумачэнне сноў, астралагічныя прадказанні. Але нешта можа падацца і жахлівым. Напрыклад, варажба на вантробах жывёл.

Менавіта у Вавілоне з’явілася першая вядомая калода для варажбы – Зікурат. Гэта былі невялічкія гліняныя таблічкі з клінапіснымі подпісамі і малюнкамі, кожны з якіх меў сваю сімволіку.

У Ноч музеяў кожны жадаючы зможа зірнуць у таямніцы сваёй будучыні пры дапамозе больш сучаснага аналага Зікурата – карт Таро.

“Гукі старажытнасці, ці Як бы вы гучалі на шумерскай мове”.

Шумерская мова – адна з мёртвых моў, аднак па часе свайго жыцця яна пераўзыходзіць многія сучасныя еўрапейскія мовы. З’явіўшыся ў 3000 годзе да н.э., яна праслужыла сродкам камунікацыі для народаў Усходу аж да І ст. да н.э. Падчас Ночы музеяў мы пазнаёмім вас з гісторыяй фарміравання шумерскай мовы і з тым, як яна была структаравана, дапаможам вам скласці сваё імя на гэтай старажытнай мове.

Чэлендж “Як прыручыць дракона”.

Драконы – фантастычныя істоты, якія ва ўсе часы вабілі чалавечую фантазію. У кітайскай культуры драконы з’яўляюцца сімвалам добрага пачатку – Ян. Падчас Ночы музеяў усім жадаючым прапануецца паглыбіцца ў старажытнакітайскае прыкладное мастацтва арыгамі і скласці дракона ўсяго толькі з ліста паперы. Задача не з простых, таму першы, хто ўступіць у схватку з лістом паперы і з гонарам паставіць на стол пераможаную пачвару, атрымае спецыяльны прыз – памятную цішотку ад нашага музея.
Настольная гульня “Растлумач мне, калі ласка!”

Колькі сінонімаў ці асацыяцый вам трэба, каб ваш сябар зразумеў і вымавіў у адказ: “Гэта аловак”? А колькі слоў вы можаце такім чынам растлумачыць за хвіліну? Падчас Ночы музеяў усе жадаючыя атрымаюць магчамасць весела і цікава праверыць сваю эрудыцыю і папрактыкаваць беларускую мову ў настольнай гульні “Растлумач мне, калі ласка!”. Вам спатрэбіцца ўменне тлумачыць словы з дапамогай добрага настрою, а таксама сінонімаў, антонімаў, намёкаў, гукаў, рухаў. Колькасць гульцоў неабмежаваная!

Квэст “Пасланні продкаў”.

У Ноч музеяў прыходзьце ў музей і станьце сапраўдным шукальнікам скарбаў! Як самастойна, так і разам з сябрамі вы зможаце пазнаёміцца з рознымі тыпамі пісьменнасці нашых далёкіх продкаў, вывучыць схованкі, разгадаць шыфры і нават – атрымаць бессмяротнасць. Але памятайце – за кожным няправільным крокам назіраюць і таму трэба быць пільнымі – каб разгадаць пасланні продкаў…

Час праходжання – 30 хвілін.

 


Уваходны квіток: 7 руб.
Для школьнікаў і студэнтаў – 5 руб.

857