Пятрусь Броўка

Пятрусь Броўка (25 чэрвеня 1905 – 24 сакавіка 1980) – таленавіты паэт і грамадскі дзеяч, чыя творчая індывідуальнасць складвалася ў пераломны для Беларусі час. Рэвалюцыя, дзве сусветныя вайны, акупацыі, перыяды сталінскіх рэпрэсій і будаўніцтва новага жыцця – скрутны час паэт спасцігаў праз бясконцыя надзеі і расчараванні, якія станавіліся вершамі.

Ва ўспамінах пра Петруся Броўку Васіль Быкаў адзначаў знакавасць яго постаці для беларусаў: “Жыццё паэта – частка духоўнага вопыту народа, а кожны народ шануе, збірае да аднае скарбонкі свой духоўны вопыт, без якога ён – не народ, а толькі вялікая ці малая грамада людзей”. Заслугі Петруся Броўкі былі прызнаныя як на дзяржаўным узроўні, так і сярод простых людзей. Народны паэт Беларусі (1962). Акадэмік Акадэміі навук Беларусі (1966). Першы галоўны рэдактар выдавецтва “Беларуская савецкая энцыклапедыя” (1967-1980). Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1975). Ганаровы грамадзянін горада Мінска (1980). Высокія званні і прызнанні заслуг не змяншалі броўкавага няўрымслівага руху і актыўнага стаўлення да жыцця, жадання быць у віры падзей, працаваць дзеля людзей і Беларусі.

Акрамя плённай працы на ніве беларускага слова П.Броўка прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны, сустракаўся з пісьменнікамі і дзеячамі іншых нацыянальных культур, пабываў у розных кутках Еўропы і Азіі. Ён удзельнічаў у XIV сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку (1959), на якой заявіў аб тым, што людзям на планеце трэба жыць у згодзе і сяброўстве, праяўляць гуманнасць, берагчы ўсё жывое на зямлі, не дапускаць узнікнення войнаў.

Вялікая заслуга паэта перад беларусамі ў тым, што пад яго кіраўніцтвам выйшла першая ў краіне энцыклапедыя. 

 

Біяграфія

Пятрусь Броўка нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і 25 чэрвеня 1905 г. у вёсцы Пуцілкавічы Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. З малога ўзросту дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Пачатковую адукацыю атрымаў у царкоўна-прыходскай школе ў Лепелі. У 9-гадовым узросце пісаў лісты на фронт пад дыктоўку непісьменных аднавяскоўцаў. З 1918 г. працаваў перапісчыкам у Велікадолецкім ваенным камісарыяце, справаводам у валасным выканкаме, быў рахункаводам у саўгасе, старшынёй Маладолецкага сельсавета. У 1925 г. на камсамолькай працы ў Полацкім акруговым камітэце ЛКСМБ. У 1927-1928 гг. быў адказным сакратаром газеты “Чырвоная Полаччына”. У 1928-1931 гг. вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ў Мінску на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні. З 1940 г. працаваў рэдактарам часопіса “Полымя”. У 1941-1942 гг. быў інструктарам-літаратарам у франтавой газеце “За Савецкую Беларусь”, супрацоўнічаў з партызанскім друкам. З 1943 г. – адказны сакратар Саюза пісьменнікаў БССР. У 1948-1967 гг. – старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. 

У 1967 г. П.Броўка быў прызначаны галоўным рэдактарам Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Пры ім распачата і завершана праца па стварэнні першай нацыянальнай 12-томнай энцыклапедыі, а таксама выдадзены 2 тамы наступнага выдання – 5-томнай “Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя” на беларускай і рускай мовах, 3 тамы 6-томнага “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы”. За ўдзел у выданні “БелСЭ” ў 1976 г. П.Броўку нададзена Дзяржаўная прэмія БССР.

Памёр Пятрусь Броўка 24 сакавіка1980 г. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

 

Творчасць

Пятрусь Броўка ўваходзіў у літаратуру ў паслярэвалюцыйны час з настроем апантанай радасці, узнёслай узрушанасці і энтузіязму. Вершы першых зборнікаў “Гады як шторм”, “Прамова фактамі” (абодва 1930), “Цэхавыя будні” (1931) усхвалялі святочна-пышную прыроду і не менш святочныя працоўныя будні. Паэт захапляўся героікай жыцця, перадаваў яго напружаны рытм, радаваўся далучанасці свайго пакалення да перабудовы свету. Радасна-ўзнёслая паэзія П.Броўкі канца 1920-х – пачатку 1930-х гг. была блізкая лірыцы “маладнякоўцаў”: паказвала руйнаванне старога свету і нараджэнне новага.
 

Хай ноч,
        Хай дзень: – 
                         Няма святлей
калі ў маршах
                      звонкіх вуліц
настрой мой творчы
                         верх плыве
высокіх гор
                      зямное кулі.

           (“Наперад!”, 1930)

 


Зборнік “Гады як шторм” (1931)

 

Сярод рытарычна-крыклівых, пазбаўленых аб’ектыўнасці твораў з’яўляліся вершы, якія сведчылі пра назапашванне літаратурнага вопыту, які ў далейшым абумовіў поспех паэзіі П.Броўкі. Так, у вершы “Зямля” (1931) канкрэтнасць дэталяў, назіральнасць арганічна знітоўваюцца, паэт пачынае абапірацца на асабіста перажытае: “Мы пяклі праснакі напалам з лебядою і чакалі вясны, каб адтала кара”. 

У сярэдзіне 1930-х гадоў надышла пара ўдумлівага, філасофскага стаўлення паэта да рэчаіснасці. Агульнае “мы” ў лірыцы П.Броўкі змяняецца адзіным, непаўторным “я”. Зборнікі вершаў “Прыход героя” (1935), “Вясна радзімы” (1937) і “Шляхамі баравымі” (1940) становяцца прыкметнай з’явай даваеннай беларускай літаратуры. У іх вылучаюцца вершы пра чалавека-працаўніка – “Садоўнік”, “Дзед Тарас” (абодва 1935), пра родную зменлівую прыроду – “Канец лета” (1935), “Бор”, “Паляванне”, “Мяцеліца”, “Дождж”, “Крыніца” (усе 1940), пра летуценнае юнацкае каханне – “На полі першая раса” (1936), “Мы з табой хадзілі часта ў поле” (1940). 

Розныя па тэматыцы, творы агульныя сваёй душэўнай непасрэднасцю і шчырасцю лірычнага перажывання. Паэт імкнецца стварыць дакладны, гарманічна-суразмерны псіхалагічны і лірычны малюнак, радкі вершаў прасякнуты жывым чалавечым настроем:

Прабіўшы плыні духаты,
Пайшлі расліны ў рост...
I птушак жоўтыя раты 
Лавілі неба з гнёзд.
           (“Дождж”, 1940)

Адсутнасць дэкляратыўнасці і абстрактнага рытарызму ў лепшых творах П.Броўкі цалкам мяняе славесна-вобразную сістэму яго паэзіі, надае ёй прадметную важкасць, робіць надзвычай афарыстычнай і выяўленча-выразнай, зрокавай. Пачуццё і думка цяпер “матэрыялізуюцца” не ў абстрактных лозунгах і фразах, а ў дэталях, рытміцы, інтанацыі, удала знойдзеных тропах. 

Падчас Вялікай Айчыннай вайны П.Броўка звяртаецца да жанру балады, паколькі само жыццё набыло эпічную маштабнасць. У баладах аўтар раскрывае галоўны канфлікт эпохі, асаблівасці нацыянальнага характару праз паказ напружанага драматычнага дзеяння. У баладах “Партызан Бумажкоў”, “Пастух” (абедзве 1941), “Дахаты” (1942) паглыбілася трагедыйнае адчуванне жыцця, на першы план вылучана перажыванне вялікай народнай бяды. Балада зберагла паэзію Броўкі ваеннай пары ад адналінейнага, спрошчанага адлюстравання рэчаіснасці. Сярод балад П.Броўкі ваеннай пары ёсць балада-рэквіем “Надзя-Надзейка”, балада-легенда “Кастусь Каліноўскі”, балада-элегія “Магіла байца” (усе 1943).

У гады вайны разам з пошукам у паэтычным эпасе П.Броўка напісаў лірычныя творы, якія маюць патрыятычны пафас і адрозніваюцца шырынёй аўтарскага гістарычнага мыслення: “Паэма пра Смалячкова” (1942), паэмы “Беларусь” (1943), “Ясны кут” (1944), “Паланянка” (1945).

У пасляваенныя гады П.Броўка працуе над адзіным сваім раманам “Калі зліваюцца рэкі” (1952-1956), які распавядае пра аднаўленчую працу, будаўніцтва гідраэлектрастанцыі на возеры Дрысвяты трыма калгасамі-суседзямі: беларускім, літоўскім і латышскім. Аўтар не змог пераадолець прад’яўленыя літаратуры стэрэатыпы: устаноўку на параднасць і ідэалагізацыю герояў. Эксперыментальны па сваёй сутнасці раман П.Броўкі ўспрымаецца сёння як прахадны і фармальны, як схематычны водгук на распаўсюджаны ў той час лозунг “дружбы народаў”.

У пасляваенныя дзесяцігоддзі П.Броўка спрабуе стварыць цэлую галерэю партрэтаў простых людзей, раскрыць у людзях працы вытокі сапраўднай дабрыні і прыгажосці. Нажаль, атрымаліся знешне парадныя вершы, пазбаўленыя псіхалагізму, якія больш нагадваюць рэпартажы: як па раёне ездзіць і натхняе людзей на працу чыноўнік (“Добры друг”, 1949), як непакояцца пра лёс народа партыйцы і іншыя ягоныя слугі (паэмы “Родныя берагі”, 1948; “Чырвон-гарадок”, 1950). Многія з твораў пасляваеннага дзесяцігоддзя могуць успрымацца сёння як пародыя на сапраўдную паэзію, як узор мастацтва, якое служыла кан’юнктуры свайго часу, афіцыйна падтрымлівалася з-за фармальнай ідэйнасці і павярхоўнай надзённасці. Пісаць, як дыхаць, у той час было яшчэ немагчыма.

 

 
Зборнік “Пахне чабор” (1959)

 

Апошнія два з паловай дзесяцігоддзі склалі ў творчасці паэта якасна новы этап: паэзія сталага Броўкі становіцца шматграннай як у ідэйна-тэматычных, так і ў жанравых адносінах. З другой паловы 1950-х гг. яго творчасць стала больш даверлівай і шчырай, пазбавілася штучнай напышлівасці. Броўка працуе з вялікай творчай аддачай. Адзін за адным выходзяць зборнікі вершаў “Пахне чабор” (1959), “Далёка ад дому” (1960), “Высокія хвалі” (1962), “Між чырвоных рабін” (1969), “Калі ласка” (1972), “І ўдзень і ўночы” (1974), “Што сэрца праспявала” (1979). Вершы ў іх з’яўляюцца ўсхваляваным лірычным маналогам, прасякнутым роздумам над праблемамі жыцця. Позняя лірыка П.Броўкі чытаецца як споведзь, з моцнай адзнакай рамантычнага, светлага, жыццярадаснага.

Хіба на вечар той можна забыцца?
...Сонца за борам жар-птушкай садзіцца,
Штосьці спявае пяшчотнае бор,
Пахне чабор,
Пахне чабор...
           (“Пахне чабор”, 1957)

Бурнаму юнацтву П.Броўка прысвячае сваю прозу: апавяданні “Пачатак” (1960), “Спакуса” (1971), “Разам з камісарам”, “Перапыненая вечарынка”, “Вінчэсцер”, “Анэтка” (1972), “Чырвоны аловак”, “Зайздрасць і заспакаенне” (1973), “Кантрабандысты” (1974); аповесць “Донька-Даніэль” (1972). Гэтыя творы прасякнутыя жыццярадасным настроем, напоўнены гумарам, гуманістычныя па зместу. Мова твораў каларытная, блізкая да жывой гутарковай. Проза П.Броўкі 1970-х гг. дапаўняе старонкі і асабістай біяграфіі паэта, і біяграфіі народа.

П.Броўка – паэт буйнага, няўрымслівага тэмпераменту. Нібыта ўвесь свет ахапіў ён у сваёй творчасці. Берагі Петруся Броўкі неабсяжныя: прыгажосць роднага краю, багацце спадчыны, краса мовы, непрадказальнасць часу і веліч перамен – усё гэта ўвабраў у сябе паэт і з глыбіні яго шчырай душы паўсталі творы, якія з’яўляюцца класікай беларускай літаратуры. Лепшае ў яго творчасці выяўляецца ў тых радках, дзе ідэя не дэманстратыўна адкрытая і гучная, дзе ёсць месца чалавечнасці, глыбокаму роздуму, мудрай народнай думцы. 

Творы паэта перакладзены больш чым на 40 моў свету.

 

Сям’я

Падчас вучобы ва ўніверсітэце Пятрусь Броўка пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай – Аленай Міхайлаўнай Рыдзеўскай. У 1933 г. пара пабралася шлюбам. Алена Міхайлаўна Броўка (1911-1982) была для паэта каханай жанчынай, шчырай спадарожніцай.

 

 
Пятрусь і Алена Броўкі. 1934

 

Прыгожая пара Броўкаў пранесла сваё каханне праз усё жыццё, яны перажывалі разам бяду і нястачу, радаваліся поспехам, сумавалі ў разлуцы. Было ўсё ў жыцці: расстрэл у 1937-м бацькі Алены – Міхаіла Рыдзеўскага, высылка яе маці Алены Рыгораўны і брата Алега ў лагеры, смерць у Асвенцыме маці Петруся Броўкі – Алены Сцяпанаўны, гібель на вайне брата – Канстанціна Броўкі… Выпрабаванні не толькі вайной, але і славай мужа, вонкавым дастаткам у сям’і. Усё вытрымаў чысты і шчыры саюз двух любячых сэрцаў Петруся і Алены Броўкаў. У вершах паэт прызнаецца: “Ты – мая пчолка”, “Ты для мяне…”

Разам яны пражылі 47 гадоў. Алена Міхайлаўна была сапраўднай “жонкай паэта”, якая зрабіла вялікі ўнёсак у жыццё свайго мужа: дапамагала ў творчасці, грамадскай і палітычнай працы, у сяброўстве, была першым чытачом і “рэцэнзентам” яго вершаў.

Сярод заслуг Алены Міхайлаўны і тое, што яна змагла захаваць літаратурную і матэрыяльную спадчыну Петруся Броўкі, стала першым дырэктарам Літаратурнага музея Петруся Броўкі.

 

 
Сям’я Броўкаў: Юрый, Алена, Пятрусь. 1955

 

У Броўкаў быў адзіны сын. Юрый Пятровіч Броўка (1936-2019) – доктар юрыдычных навук, прафесар, працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце на кафедры міжнароднага права. У якасці члена дэлегацыі БССР прымаў удзел у працы Канферэнцыі ААН па правапераемнасці дзяржаў у дачыненні да дамоў (Вена, 1977 г.) і Канферэнцыі ААН па марскім праве (Жэнева – Нью-Ёрк, 1979 г.). З’яўляўся членам выканкама грамадскага аб’яднання “Таварыства міжнароднага права”, выконваў функцыі рэдактара часопіса “Беларускі часопіс міжнароднага права і міжнародных адносін”.

У 1991 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Станаўленне і развіццё міжнароднай праватворчай дзейнасці Беларускай ССР”.

З 1982 па 2005 год займаў пасаду дырэктара Літаратурнага музея Петруся Броўкі.

Сямейнае пахаванне Броўкаў знаходзіцца на цэнтральнай алеі Усходніх могілак у Мінску. На доме па вуліцы К.Маркса, 30, дзе жыў паэт са сваёй сям’ёй, усталявана мемарыяльная дошка. У былой кватэры знаходзіцца Літаратурны музей Петруся Броўкі, які распавядае гісторыю жыцця не толькі паэта, але і яго сям’і. У Пуцілкавічах працуе Хата-музей Петруся Броўкі, каля якога ўстаноўлена стэла памяці ў гонар маці паэта. Імя Петруся Броўкі прысвоена выдавецтву “Беларуская Энцыклапедыя”. Яго імем названы вуліцы ў 20 гарадах і вёсках Беларусі.

 

Сябры і аднадумцы

Сярод сяброў маладосці Петруся Броўкі, паводле ўспамінаў Сяргея Грахоўскага, былі Тодар Кляшторны (расстраляны ў 1937), Ян Скрыган (двойчы асуджаны: 1936 і 1949), Уладзімір Хадыка (асуджаны ў 1937), Сымон Баранавых (асуджаны ў 1937), Мікола Хведаровіч (двойчы асуджаны: 1940 і 1949), Міхась Багун (асуджаны ў 1937).

С.Грахоўскі згадваў: “Яны шпацыравалі разам па Савецкай і парку “Прафінтэрн”, цяпер імя Горкага, любілі дасціпны жарт, розыгрыш, шумнае застолле, усе аднолькава маладыя, бязгрэшныя і безграшоўныя, не адлучаныя адзін ад аднаго званнямі і высокімі тытуламі, таму любілі і паважалі адзін аднаго без выгоды і шчыра…”. Тое, што здарылася ў хуткім часе з сябрамі, было прычынай жорсткай самацэнзуры, творчага сервілізму і нават публічнага пакаяння П.Броўкі на сходзе пісьменнікаў БССР 25 сакавіка 1937 года. 

“Дамоклаў меч” вісеў над Петрусём Броўкам, як і над іншымі творцамі. Пра гэта сведчаць архіўныя дакументы. У матэрыяле пад назвай “Об имеющихся компрометирующих материалах на членов Союза советских писателей БССР”, сабраным у кастрычніку 1938 г., П.Броўка значыўся ў спісе недабранадзейных, як і Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Лынькоў, Кандрат Крапіва і інш. “Бровко Пётр Устинович. 1905 г.р., уроженец д. Путилковичи, Ушачского района БССР. Сын бывшего жандарма, бывший член КП(б)Б, исключен из партии. Член Союза советских писателей, поэт. В 1922-1924 гг. занимался контрабандной деятельностью. Бывший член литературного объединения “БелАПП”. Ближайший друг писателей: Черного, Крапивы, Глебко, Вольского и Кучера.

Активный участник нацфашистской организации, в чем изобличен показаниями 24 разоблаченных нами врагов: Пивоваровым, Александровичем, Головачем, Шестаковичем и др.”

 

 
Пятрусь Броўка і Пятро Глебка. 1932

 

У ваенны і паваенны час Пятрусь Броўка падтрымліваў таварыскія стасункі з Кандратам Крапівой, працягваў шчыра сябраваць з Пятром Глебкам. З апошнім іх нават блыталі, а мастакі заўсёдную еднасць двух Пятроў – Глебкі і Броўкі – адлюстроўвалі ў сяброўскіх шаржах. Завадатарам, паводле ўспамінаў Юрыя Броўкі, у названым дуэце сяброў заўсёды быў П.Глебка.

Пятрусь Броўка падтрымліваў многіх: і маладых аўтараў, што ўваходзілі ў літаратуру паваеннага часу, і тых, хто змог жывым вярнуцца ў Беларусь з высылкі. Заклапочаны, спагадлівы, адстойваў правы літаратараў на нармальнае жыццё, клапаціўся пра жыллёвыя ўмовы і матэрыяльны дабрабыт сваіх калег. На гэта звярталі ўвагу большасць пісьменнікаў, якія пакінулі свае ўспаміны аб П.Броўку. Ян Скрыган быў удзячны П.Броўку за тое, што той падтрымаў яго пасля вяртання з высылкі і даручыў узяць “на сябе мову энцыклапедыі”. Хведар Жычка, Ганад Чарказян, Сяргей Законнікаў, Рыгор Барадулін і многія іншыя маладыя ў 1960-1970-я гг. аўтары згадвалі бацькоўскую дабразычлівасць Петруся Броўкі да іх творчых пачынанняў у літаратуры.

Пятрусь Броўка і Васіль Быкаў сустракаліся няшмат. Асабіста яны пазнаёміліся ў 1965 годзе, за год да V з’езда пісьменнікаў Беларусі, які, здавалася, развёў іх па розныя бакі. Як успамінае Генадзь Бураўкін, “у майскія дні 1966 года, з трыбуны і ў кулуарах з’езда мы горача і нават зацята “чысцілі” Броўку і кідалі ў ягоны дагледжаны агарод не толькі каменьчыкі, а і ладныя валуны”. Калі страсці ўлягліся, кагорта пасталеўшых “бунтароў”, паступова пачала пераасэнсоўваць падзеі таго часу. “Шыльды лёгка мяняюцца, жыццё мяняецца намнога цяжэй”, – скажа пазней Генадзь Бураўкін.

 

 
Ніл Гілевіч, Васіль Быкаў, Пятрусь і Алена Броўкі, Генадзь Бураўкін. 1970-я

 

У 1970 годзе мудры Пятрусь Броўка запрасіў Генадзя Бураўкіна ў падарожжа на Віцебшчыну. А праз некалькі год ён пазваніў Бураўкіну і сказаў: “Генадзь, я цябе вельмі прашу, мне будзе дрэнна на зямлі, калі мы з Васілём не пагаворым шчыра і калі не зразумеем адзін аднаго”. Сустрэча адбылася на лецішчы Броўкаў. Гаспадар быў радасны з прычыны таго, што яны з Васілём паразумеліся. На развітанне Броўка сказаў: “Ну во, хлопцы, вот цяпер мне, колькі ужо там Бог дасць пражыць, лёгка будзе жыць на зямлі!”

Заўсёды актыўны, безупынны, поўны ідэй і сіл для дзеяння, адкрыты і шчыры “дружбіст” (так яго назваў Р.Барадулін), які ўмеў “бачыць усё добрае ў чалавеку”, “лёгка цэментаваць калектыў, збіраць розныя тэмпераменты, розныя характары і розныя таленты” (Заір Азгур). Такія чалавечыя якасці прыцягвалі да П.Броўкі многіх людзей не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Яго добрымі сябрамі былі Юлій Ванаг, Якаў Хялемскі, Аляксандр Пракоф’еў, Эдуардас Межэлайціс, Мікола Бажан, Антанас Венцлава, Максім Рыльскі і інш. Пацверджаннем шчырых адносін да паэта і чалавека Петруся Броўкі з’яўляюцца шматлікія ліставанні і ўспаміны, што рупліва былі сабраныя яшчэ Аленай Міхайлаўнай Броўка і зараз захоўваюцца ў музеі паэта.


Я ведаю, час прыйдзе гэткі –
Усё прачнецца пры вясне,
Як матылі, успыхнуць кветкі…
І нехта ўспомніць пра мяне.
Аднойчы ўдзень, а можа, ўранку,
Сыдуцца хмары чарадой,

Між чорных хмар блісне маланка…
І нехта ўспомніць воблік мой.
Бяседа прыйдзе, ды якая,
Яна за сэрцы ўсіх кране,
Да столі кубкі паўздымаюць…
І нехта ўспомніць пра мяне.
Абдымуцца сябрынай цеснай,
Дзе кожны родны, кожны свой,
Аж закалоціць сцены песня…
І нехта ўспомніць воблік мой.
          (“І нехта ўспомніць пра мяне…”, 1968)