«(Не) у цені бацькі»: выстава, прысвечаная сыну Петруся Броўкі

З 21 мая па 7 лістапада 2022 года ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі працуе выстава “(Не) у цені бацькі”, прысвечаная сыну паэта Юрыю Броўку.

Юрый Пятровіч Броўка (1936–2019) – адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай школы міжнароднага права, які ўсё сваё жыццё прысвяціў юрыспрудэнцыі. Скончыўшы ў 1959 годзе юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, працаваў у Акадэміі навук Беларусі ў Інстытуце дзяржавы і права, а з 1965 па 2017 гг. – у БДУ, спачатку на кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта, а потым на кафедры міжнароднага права факультэта міжнародных адносін.

Юрый Броўка як член дэлегацыі БССР прымаў удзел у Канферэнцыі ААН па правапераемнасці дзяржаў у дачыненні дамоў (Вена, 1977) і Канферэнцыі ААН па марскім праве (Жэнева – Нью-Ёрк, 1979). Пасля атрымання Беларуссю незалежнасці ў 1991 годзе актыўна ўдзельнічаў у абмеркаванні інтэграцыйных праектаў на постсавецкай прасторы, намагаючыся ў прававым вымярэнні захаваць незалежнасць Беларусі як самастойнай дзяржавы.

З 1982 па 2005 год займаў пасаду дырэктара Літаратурнага музея Петруся Броўкі. У гэты час была створана асноўная экспазіцыя, і 29 снежня 1984 года музей адкрыў свае дзверы для наведвальнікаў. У 2017 годзе Юрый Броўка шчодра ўзбагаціў фонды музея, перадаўшы на захаванне 17 чамаданаў з асабістай перапіскай свайго бацькі, нататкамі, чарнавікамі, фотаальбомамі, узнагародамі і прадметамі хатняга побыту сям’і Броўкаў.

Выстава прадстаўляе Юрыя Пятровіча Броўку з усіх бакоў: як сына, навукоўца, дыпламата, чалавека.

Адрас: г. Мінск, вул. К.Маркса, 30.

Кантактны тэлефон: +375 (17) 342-09-81.

599