Патэфон сям’і Броўкаў

Петруся Броўку цікавіла многае – гісторыя, філасофія, народнае мастацтва, тэатр, кіно, опера. Нават у самыя складаныя перыяды свайго жыцця ён ведаў, што мастацтва – лепшы лек для душы. Так, Броўка быў сапраўдным аматарам оперы і часта наведваў пастаноўкі як у Мінску, так і па-за межамі краіны, а таксама слухаў дома на грампласцінках. У фондах Літаратурнага музея Петруся Броўкі захоўваецца патэфон, які належаў сям’і Броўкаў.

Слова “патэфон” прыдумалі ў Расійскай імперыі, калі былі завезены першыя фанографы французскай фірмы “Браты Патэ”. Патэфон уяўляе сабой аблегчаны варыянт грамафона, і ён мае меньшы рупар у параўнанні са сваім папярэднікам. Дзякуючы форме ў выглядзе чамаданчыка, патэфон лёгка пераносіць з месца на месца.

У СССР патэфоны былі настолькі папулярнымі, што іх вытворчасцю займаліся самыя розныя заводы і фабрыкі, нават ткацкія і роварныя. Наш апарат быў выпушчаны заводам “Молат” у г. Вяцкія Паляны Кіраўскай вобласці Расіі. Завод быў адкрыты ў 1938 годзе як шпульная фабрыка для абслугоўвання патрэб тэкстыльнай прамысловасці.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў Вяцкія Паляны з падмаскоўнага Загорска быў эвакуяваны машынабудаўнічы завод № 367 Народнага камісарыята ўзбраенняў СССР. Яго абсталяванне для вытворчасці пісталета-кулямёта ППШ-41 устанавілі на шпульную фабрыку. Пасля заканчэння вайны завод стаў выпускаць і мірную прадукцыю, у тым ліку і патэфоны.

Патэфон Броўкаў датуецца перыядам з 1951 па 1954 гады. Гэта самая папулярная на той час мадэль – ПТ-3, якая выпускалася на працягу 1945-1955 гг. у корпусах чорнага, цёмна-шэрага, карычневага, цёмна-сіняга і чырвонага колеру. Рукаяць заводу пласціны зроблена з карбаліту, сам корпус – з дэрмаціну і дрэва. Мадэль абсталёўвалася спружынным прывадам, заводзілася ад рукаяці. Як і ў выпадку з многімі класічнымі патэфонамі, узмацненне гуку адбывалася з дапамогай схаванага ў корпусе раструба. Рухавік меў цэнтрабежны рэгулятар хуткасці, аднаго завода спружыны хапала на прайграванне адной, радзей двух бакоў пласцінкі (78 абаротаў у хвіліну, каля трох хвілін на бок). Якасць гуку залежала ад ступені зношанасці іголкі і асаблівасцей вузла мембраны. Хоць гучнасць патэфона была вялікая (80-100 дэцыбел), яна не магла рэгулявацца і гук усё роўна быў хрыплым, з моцнымі скажэннямі.

Апараты завода “Молат” можна было сустрэць у многіх дамах. Але ў сувязі з распаўсюджваннем электрычнасці і з’яўленнем попыту на радыёлы і электрафоны выпуск іх патэфонаў быў завершаны ў 1955 годзе. Пасля завод займаўся вытворчасцю прыцэпаў да матацыклаў, вытворчасцю легкавых матаролераў, мікрахвалевых печаў, дрэваапрацоўчых станкоў, газавых пісталетаў, аўтаматаў для расфасоўкі розных прадуктаў. Зараз прадпрыемства “Молат” займаецца вытворчасцю паляўнічай зброі.

608