Біркі Петруся Броўкі

У 1959 годзе Пятрусь Броўка ў складзе беларускай дэлегацыі прымаў удзел у XIV Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку. Па сканчэнні асамблеі беларуская дэлегацыя вярталася з-за акіяна трансатлантычным маршрутам Нью-Ёрк – Шэрбур (Францыя) на лайнеры “Каралева Мэры” (“Queen Mary”) брытанскай кампаніі “Cunard Line”. Кожны пасажыр лайнера атрымліваў канверт з багажнымі біркамі. На бірках было пазначана імя пасажыра, назва лайнера, клас і нумар каюты, дата адпраўлення і нумар пірса, а таксама порт прыбыцця. Прамавугольныя біркі прымацоўваліся на багаж, які адпраўляўся ў грузавы адсек, а авальныя – на багаж, што пасажыры бралі з сабою ў каюты. Біркі, якія атрымаў Пятрусь Броўка, зараз захоўваюцца ў фондах Літаратурнага музея Петруся Броўкі. З іх мы можам даведацца, што паэт адплыў 10 снежня 1959 года з пірса №90 і займаў каюту А39 у першым класе.

“Каралева Мэры” ажыццявіла свой першы рэйс з 2139 пасажырамі на борце ў 1936 годзе і на той час з’яўлялася самым хуткасным пасажырскім лайнерам на Атлантыцы: плаванне займала каля 4 дзён. Падчас шостага рэйса яна ўстанавіла рэкорд хуткасці, пераадолеўшы акіян за 3 дні 20 гадзін 42 хвіліны і стала ўладальнікам прыза “Блакітная стужка Атлантыкі”.

Падчас Другой сусветнай вайны “Каралева Мэры” стала “Шэрым прывідам”. Лайнер дастаўляў вайскоўцаў з Аўстраліі і Амерыкі ў Еўропу і забіраў параненых у зваротныя рэйсы. Для гэтага судна перафарбавалі, дэмантавалі парадныя элементы інтэр’ераў, усталявалі партатыўныя койкі і прымацавалі да пераборак гамакі, што павялічала ўмяшчальнасць да 5500 чалавек. Пазней яго яшчэ раз пераабсталявалі, каб можна было перавозіць да 15000 чалавек. Лайнеру належыць своеасаблівы рэкорд па пераходзе праз Атлантыку з 16683 вайскоўцамі на борце.

Пасля заканчэння вайны “Каралеве Мэры” вярнулі парадны выгляд, і лайнер працягнуў абслугоўванне трансатлантычнай лініі, але канкурыраваць з авіякампаніямі станавілася ўсё цяжэй. Рэнтабельнасці лайнера перашкаджалі вялікі выдатак паліва, нізкае ўляганне, што не дазваляла заходзіць у парты на астравах, і вялікая шырыня, якая рабіла немагчымым праход лайнера праз Панамскі канал. У 1967 годзе “Каралева Мэры” скончыла свой апошні рэйс у порце Лонг-Біч (Каліфорнія, ЗША), для чаго ёй прышлося абмінуць Паўднёвую Амерыку. “Каралева Мэры” за 31 год плавання прайшла 3 млн 750 тыс. міль і перавезла больш за 2 млн 115 тыс. платных пасажыраў. Зараз на лайнеры дзейнічае Марскі музей, сувенірныя крамы, гатэль на 365 месцаў, рэстаран і нават капліца для тых, хто жадае пабрацца шлюбам. Вольны доступ забяспечаны на любую з палуб.

374