«Ноч музеяў — 2023: Рытмы»

1920-я… Эпоха НЭПа, эпоха беларусізацыі, эпоха першых літаратурных арганізацый, росквіту паэзіі і агульнага культурнага ўздыму. Час, які прывёў не толькі Беларусь, але і ўвесь свет да эстэтыкі эклектызму: мадэрна і традыцыі, дэкадансу і росквіту, раскошы і беднасці, містыкі і навукі, мар і расчараванняў, бурапеннасці і стрыманасці, стылю і простасці.

У гэтым годзе мы прысвячаем Ноч музеяў часу маладосці герояў нашай выставы “Не ідзі па глебцы, а ідзі па броўцы!..” – 1920-м гадам. Прапануем вам разам з намі акунуцца ў рытмы цікавай і неадназначнай эпохі, якая незваротна змяніла наш сусвет.

Прыходзьце 20 мая з 18:00 да 23:00 у Літаратурны музей Петруся Броўкі на “Ноч музеяў – 2023: Рытмы” – вы дакладна запомніце гэты вечар!

P.S. Асабліва калі паспрабуеце апрануцца ў стылі 1920-х. Разумеем, што гэта не так проста, але нават падабраўшы некаторыя элементы, вы ўжо зможаце стаць часткай атмасферы гэтай ночы – давайце ствараць яе разам!

ПРАГРАМА:

19:00 – Лекцыя “Трансфармацыя сямейна-шлюбных адносін у БССР у 1920-я гады” (Аляксандр Гужалоўскі, доктар гістарычных навук, прафесар).

Сям’я – непарушная каштоўнасць нашага часу, інстытуцыя, якая займае лідзіруючае палажэнне ў жыцці сучаснага чалавека. Але ці заўсёды гэта было менавіта так? 1920-я гады былі эпохай вялікіх змен ва многіх жыццёвых сферах, не абмінуўшы і сямейныя каштоўнасці ў беларускім грамадстве. Адлюстраванне прыватных адносін вельмі цяжка знайсці ў гістарычных дакументах або на старонках перыядычных выданняў, але распавесці пра гэта зможа Аляксандр Гужалоўскі.

20:00 – Майстар-клас па факстроце ад танцавальна-спартыўнага клуба “Факстрот”.

Самы папулярны танец пачатка ХХ стагоддзя, які з’явіўся ў ЗША і хутка знайшоў прыхільнікаў у Еўропе. Рухі танца павінны быць “крокавымі” – нават перакладаецца назва літаральна “крок лісы”. І, нягледзячы на спрэчнае стаўленне да яго ў СССР, факстрот танчылі, і танчылі з захапленнем! Цікавіўся танцам і паэт Пятрусь Броўка. Выкладчыкі танцавальна-спартыўнага клуба “Факстрот” правядуць майстар-клас па легендарнаму танцу эпохі, таму дакладна прапануем падабраць характэрнае адзенне і “пахістацца” разам!

22:00 – “Люблю…” – тэатралізаваная чытка вершаў У. Маякоўскага.

Уладзімір Маякоўскі выступаў са сваімі вершамі сур’ёзна і амаль акадэмічна, з майстэрствам і магутнай прастатой. І прыхільнікі, і праціўнікі заміралі ва ўважлівай, напружанай цішыні. Зала з верху да нізу дыхала экстатычнай пакорлівасцю. Верш і жыццё складаліся для яго ў адно.

У гэты вечар прапануем вам апынуцца на выступленні легенды савецкага авангарду і аднаго з любімых паэтаў Петруся Броўкі!

А ТАКСАМА:

Выстава “Не ідзі па глебцы, а ідзі па броўцы!..”, прысвечаная сяброўству Петруся Броўкі і Пятра Глебкі.

У 1923 годзе была створана першая беларуская літаратурная арганізацыя “Маладняк”. Маладыя пісьменнікі хацелі ствараць узоры новага мастацтва. У іх паэзіі равуць трубы і б’юць барабаны дзеля ўсталявання новага справядлівага парадку і новай пралетарскай нацыянальнай літаратуры. Упершыню ў беларускіх пісьменнікаў былі свае часопісы, выдавецтва, ганарары, выступы, рэклама ў галоўных газетах. Яны былі зоркамі свайго часу, бесклапотнымі каралямі беларускай літаратуры. У такой атмасферы ўвайшлі ў літаратуру і пазнаёміліся героі нашай выставы Пятрусь Броўка і Пятро Глебка. Значныя этапы свайго жыцця ў бурным ХХ стагоддзі Петрусі прайшлі разам – крытычна разбіралі творы адзін аднаго, пісалі адзін аднаму вершы, стваралі сумесныя праекты.

Майстар-клас па стварэнні бытавога плакату “Рэклам-каструктар”

Кожны дзень мы бачым сотні варыянтаў рэкламных банераў – “нашчадкаў” савецкага плаката, які зарадзіўся ў 1920-х гадах. Плакат тады з’яўляўся самым масавым відам графічнага мастацтва і выконваў разнастайныя задачы. А для таго каб заваяваць увагу, ён павінен быў з’яўляцца сапраўдным творам мастацтва. Да гэтага мастацтва прапануем далучыцца і вам! На майстар-класе вы зможаце стварыць свой плакат на бытавую тэму, пабачыць і паспрабаваць розныя тэхнікі яго выканання: калаж, лінагравюра, фотадрук. Таксама пачуць пра з’яўленне, развіццё і культурны ўплыў плакатнага мастацтва, пра тое, якім чынам Маякоўскі паўплываў на з’яўленне савецкай рэкламы, пры чым тут Малевіч да асобнага шляху беларускага плаката, як з дапамогай лінолеуму друкаваць і што агульнага ў сучасных коміксаў і плакатаў 1910–1920-х гадоў.

Інтэрактыўная праграма “Магічны салон” (варажба на картах Таро).

Пачатак мінулага стагоддзя вядомы ўсім як час выбуху моды на акультызм і спірытызм. Выкліканнем духаў і варажбой займаліся як багема, так і прадстаўнікі простага люду. Але ж і ў эпоху НЭПа вера ў паранармальнае нікуды не знікла – па-сутнасці проста стала менш афішыравацца. Прапануем вам дазнацца пра свой лёс і будучыню пры дапамозе самага моднага інструменту варажбы пачатку мінулага стагоддзя – карт таро.

Настолка “Дэлегацкі з’езд”.

Дзе можна знайсці новыя знаёмствы? У эпоху, калі яшчэ не было Ціндэра, пашырыць круг сваіх зносін можна было праз удзел у розных дэлегацкіх з’ездах і сходах: партыйных, прафсаюзных, галіновых… Зламаць лёд паміж “дэлегатамі” Ночы музеяў дапаможа наша настолка.

А таксама музыка і кіно эпохі, перформансы, разыгранка “Квітка ўдачы” і многае іншае!

Уваходны квіток: 5 руб.

Адрас: г. Мінск, вул. К.Маркса, 30.

Кантактны тэлефон: +375 (17) 342-09-81.

473