Літаратурнае падарожжа на Ушаччыну

“1.1.1” – штогадовы праект-падарожжа, прымеркаваны да дня нараджэння Петруся Броўкі і прысвечаны тром беларускім творцам ушацкага паходжання з заслужаным званнем народны – Петрусю Броўку, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну.

Нас чакаюць бацькоўскія хаты: Рыгора Барадуліна – ва Ушачах, Васіля Быкава – у Бычках, Петруся Броўкі – у Пуцілкавічах. Накіроўваючыся на поўнач Беларусі, маючы за вакном неверагодна прыгожыя краявіды Віцебшчыны, мы атрымаем задавальненне ад вершаў і прозы, якія будуць гучаць нон-стоп у выкананні саміх жа вандроўнікаў.

Першы прыпынак нас чакае ля невялікай, але знакавай крыніцы, якую літаратары называлі “броўкавай”. З успамінаў вядома, што па лепельскай дарозе на родную Ушаччыну ля крыніцы непадалёку ад рэчкі Эса на працягу ўсяго жыцця заўсёды спыняўся Пятрусь Броўка. Гэтую ж добрую традыцыю ён перадаў паэтам і пісьменнікам, якія ездзілі гэтай дарогай дадому, – Алесю Савіцкаму, Генадзю Бураўкіну, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну і інш. Выдатная магчымасць наталіцца жывой вадой з “крыніцы паэтаў”!

Ва Ушачах пад знакамітым “бацькоўскім вязам” Барадуліна мы зможам шчырым словам узгадаць дзядзьку Рыгора, з ласкі яго ўдавы Валянціны зайсці ў дом, дзе сёння ўсе рэчы памятаюць паэта і нагадваюь пра яго асобу.

Важным пунктам ва Ушачах будуць мясцовыя могілкі, дзе знайшоў вечны спачын Рыгор Барадулін. Мы пабачым валун з высечаным на ім крыжом, які быў пастаўлены па просьбе ў вершы самога паэта ў якасці надмагільнага помніка восенню 2015 года.

У вёсцы Бычкі нас чакае Сядзіба-музей Васіля Быкава, у якой можна ўбачыць унікальныя прадметы, знойдзеныя на месцы бацькоўскай хаты Васіля Быкава. Сярод іх – ліст, дзякуючы якому сястра Быкава Валянціна зразумела, што брат – жывы. Ён быў датаваны пазней, чым пахаронка, якая заўчасна запісала Васіля Быкава ў шэрагі загінулых.

Апошняй кропкай у падарожжы стане загадкавая вёска Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся Пятрусь Броўка. Мы наведаем Хату-музей Петруся Броўкі, даведаемся пра музейныя адкрыцці апошняга часу, што зрабілі супрацоўнікі Літаратурнага музея Петруся Броўкі ў Мінску. У шчырай кампаніі добрых людзей абмяняемся ўражаннямі, якія мы атрымаем за цэлы дзень вандроўкі па Віцебшчыне, з’ядзім суп па-ўшацку.

Заявіць пра свой удзел у падарожжы можна па тэлефоне: +375 (17) 342-09-81

Кошт – 30 руб. (аплата толькі наяўнымі).

Дадаткова на месцы аплочваецца наведванне экспазіцыі Сядзібы-музея Васіля Быкава – 1,5 руб. наяўнымі (уваход на тэрыторыю музея – вольны).

ДЭДЛАЙН падачы заявак – 23 чэрвеня!

ПРАГРАМА ЛІТАРАТУРНАГА ПАДАРОЖЖА “1.1.1”

(25 чэрвеня 2023 г.)

6.45

Збор удзельнікаў на паркоўцы паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і ЖК “Маяк Мінска” (ст. метро “Усход”)

7.00-9.40

Пераезд да “Крыніцы паэтаў”

9.40-10.10

Наведванне “Крыніцы паэтаў”

10.10-11.00

Пераезд да дома Рыгора Барадуліна. Нон-стоп чытанні

11.00-12.30

Наведванне дома Рыгора Барадуліна

12.30-13.30

Наведванне г.п. Ушачы

13.30-13.35

Пераезд да могілак, дзе пахаваны Рыгор Барадулін

13.35-14.00

Ускладанне кветак да магілы Рыгора Барадуліна

14.00-14.30

Пераезд да Сядзібы-музея Васіля Быкава. Нон-стоп чытанні

14.30-15.30

Наведванне Сядзібы-музея Васіля Быкава

15.30-16.30

Пераезд да Хаты-музея Петруся Броўкі. Нон-стоп чытанні

16.30-18.00

Наведванне Хаты-музея Петруся Броўкі

Ускладанне кветак да помніка маці Петруся Броўкі Алены Сцяпанаўны

18.00

Адпраўленне аўтобуса на Мінск

Каб напоўную атрымаць асалоду ад падарожжа, неабходна мець пры сябе:

  1. Добры настрой.
  2. Кубак, каб піць з крыніцы.
  3. Талерку з лыжкай, каб паесці суп па-ўшацку.
  4. Кветкі для ўскладання на магіле Р.Барадуліна і ля помніка А.Броўка.
  5. Вершы П.Броўкі, Р.Барадуліна, урыўкі з прозы В.Быкава, якія вам даспадобы.
  6. Вада, бутэрброды.
  7. Рэпеленты.
375