Фондавая пятніца: гадзіннік

Побытавыя рэчы, якія суправаджаюць паўсядзённае жыццё людзей, вытворцы стараюцца зрабіць больш зручнымі для карыстання і прыемнымі для зрокавага ўспрымання. Такія рэчы прадстаўляюць сабой неад’емную частку пакаёвага інтэр’еру. Сярод іх у фондах Літаратурнага музея Петруся Броўкі захоўваецца гадзіннік “Мир”, які Пятрусь Усцінавіч набыў прыкладна ў 1957-1958 гадах.

Механізм, які выкарыстоўваўся для вытворчасці гэтай мадэлі, меў лічбавую назву 5671 і з’яўляўся візітовай карткай Другога Маскоўскага гадзіннікавага завода (2 МГЗ), які ўтварыўся ў 1924 годзе ў выніку зліцця шматлікіх майстэрняў і радыётэлеграфнага завода. На працу туды ўладкоўваліся лепшыя гадзіннікавыя майстры былой Расійскай імперыі. Першай прадукцыяй завода сталі гадзіннікі-ходзікі і насценныя гадзіннікі. Першыя будзільнікі Серыі Б з’явіліся на 2 МГЗ у 1930-я гады на базе нямецкіх механізмаў Юнгенс (Junghans). У 1937 годзе была выпушчана першая партыя кішэнных гадзіннікаў. З пачаткам Другой сусветнай вайны выпуск гадзіннікаў быў прыпынены, а сам завод эвакуіраваны ў г. Чыстопаль.

У 1950-х гадах пачалася распрацоўка свайго ўласнага механізму для будзільнікаў. Першыя мадэлі з механізмам 5671 на 11 рубінавых камянях выйшлі ў свет у 1954 годзе. Механізм быў адносна малых памераў, просты і надзейны, таму карыстаўся папулярнасцю. Працягласць ходу ад адной поўнай заводкі спружыны складала не менш за 36 гадзін. Сярэдні тэрмін службы – 7 гадоў. З моманту пачатку вытворчасці механізм выпускаўся практычна ў нязменным выглядзе за выключэннем некаторых паляпшэнняў на задніх частках будзільніка. Варыянтаў афармлення было безліч – кожны пакупнік мог выбраць асобнік на свой густ.

З 1954 года гадзіннікі выпускаліся пад назвамі “Мир”, “Дружба”, “Пионер”. У 1964 годзе адбылася ўніфікацыя назваў і ўвесь мадэльны шэраг стаў выпускацца пад назвай “Слава”. “Слава” стала адной з самых масавых савецкіх марак гадзіннікаў. Экспартавалася ў многія краіны свету, прычым у некаторыя гады экспарт складаў да 50 % выпуску. У Францыі і Швейцарыі працавалі даччыныя зборачныя прадпрыемствы. Неўзабаве другі Маскоўскі гадзіннікавы завод атрымаў імя “Слава”, якое носіць да гэтага часу.

339