«Народны трыбун»

З 26 кастрычніка па 7 лістапада 2023 года ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі дзейнічае выстава “Народны трыбун”, прысвечаная дэпутацкай дзейнасці Петруся Усцінавіча Броўкі. Гэтая асоба пакінула значны ўклад у культуру і развіццё нашай краіны не толькі як паэт і пісьменнік, а і як дэпутат і прадстаўнік беларускай культуры ў народах свету.

У 1947 годзе Пятрусь Броўка быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (па Глыбоцка-Паўночнай выбарчай акрузе № 351 Полацкай вобласці). З 1956 года паэт становіцца дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і застаецца ім да канца свайго жыцця.

Да паэта, народнага выбранніка і прамоўцы, звярталіся за дапамогай, парадай не толькі яго непасрэдныя выбаршчыкі, але і людзі з іншых выбарчых акругоў. На пасадах дэпутата Вярхоўнага Савета БССР і СССР Пятрусь Броўка атрымліваў лісты з просьбамі аб паляпшэнні жылога становішча, аб вызначэнні пенсій, аб несправядлівых дзеяннях мясцовых органаў улады. Ён рабіў усё магчымае, каб разгледзець просьбы выбаршчыкаў, а калі гэта не атрымлівалася, стараўся растлумачыць сутнасць справы. Паэтам кіравала пачуццё не толькі службовага і грамадскага абавязку. Памагчы таварышу, выручыць чалавека ў бядзе, заступіцца за несправядліва пакрыўджанага – такія клопаты былі для Петруся Броўкі натуральным памкненнем душы.

Як дэпутата, у 1940-я – 1950-я гады Петруся Броўку вельмі захапіла тэма міру – з дакладамі і вершамі па тэме ён часта выступаў у друку. У маі 1960 года Пятрусь Броўка ў складзе дэлегацыі Вярхоўнага Савета СССР наведаў Нарвегію. З гэтай краіны паэт прывёз верш “Му і Рана”, прысвечаны аднайменнаму нарвежскаму гораду, які значна пацярпеў ад Другой сусветнай вайны.

На выставе прадстаўлены прадметы з фондаў музея – пасведчанні, фотаздымкі, нататнік паэта з накідамі тэкстаў.

Уваход па квітку ў музей.

Адрас: г. Мінск, вул. К.Маркса, 30.

Кантактны тэлефон: +375 (17) 342-09-81.

273