Запрашаем на інтэрактыўную дзею!

22 лютага а 18-й гадзіне Літаратурны музей Петруся Броўкі запрашае на інтэрактыўную дзею “Кулямёты брахалі мопсікам…”.

У 1927-1928 гадах творчыя пошукі маладога паэта Петруся Броўкі прывялі яго ў новую, незалежную ад “Маладняка” суполку – “Беларускую Літаратурна-Мастацкую Камуну”. Гэта была адзіная ў Беларусі суполка, удзельнікі якой абвясцілі сябе футурыстамі. Яна праіснавала ўсяго сем месяцаў, але пакінула адметны след у тагачасным культурным асяроддзі – “грукат літкамунаўскіх кіёў”, “крыклівыя вершы”, “загрудкі ў спрэчках” запомніліся многім пісьменнікам.

Яскравыя постаці з’явяцца перад вачыма – заснавальнік гэтай футурыстычнай суполкі, паэт-скандаліст, авантурыст, які, па ўспамінах сучаснікаў, любіў пастраляць з пісталета ў столь – Паўлюк Шукайла, ягоны сябар, малады паэт, які ў адказ на словы Алеся Дудара, што ягоныя вершы слабыя, так размаляваў паштоўку на імя апошняга, што яго выгналі з “Маладняка” за хуліганства – Янка Відук (Скрыган), будучы літаратурны крытык, які “назубок ведаў класікаў марксізму” і абажаў спрэчкі, дзе граміў праціўніка – Макар Шалай, пачынаючы паэт і адказны сакратар газеты “Чырвоная Полаччына”, які быў доўгі час сябрам “Маладняка”, але фактычна дапамагаў ствараць “Камуну”… Пятрусь Броўка.

Падчас мерапрыемства наведвальнікі даведаюцца пра “Беларускую літаратурна-мастацкую камуну”, да якой Пятрусь Броўка далучыўся 23 лютага 1928 года, і яго адносіны з удзельнікамі гэтай суполкі, у прыватнасці, яе кіраўніком Паўлюком Шукайлам. Прагучаць радкі з твораў літкамунаўцаў і часткі з неапублікаванай паэмы Петруся Броўкі, дзе ёсць такія радкі: “А кулямёты не на рэдкасьць / брахалі мопсікам рудым”.

Уваход па квітку ў музей!

Адрас: г. Мінск, вул. К.Маркса, 30.

Кантактны тэлефон: +375 (17) 342-09-81.

74