Выстава "Рукі Музея"

“РУКІ МУЗЕЯ”

У нашу постіндустрыяльную эпоху, калі кожны чалавек з’яўляецца элементам агульнага, мы сутыкаемся са змыццём межаў індывідуальнасці і свайго уласнага “Я”. Многія людзі штодзённа з’яўляюцца выканальнікамі закадравых функцый, аб якіх ніхто не задумваецца, і без якіх нічога б не было. Пачынаючы, банальна, ад цукеркі, набытай у краме. Мы разгортваем яе і нават не думаем, што за гэтым так ці інакш стаяў пэўны чалавек. Для вас – гэта проста цукерка, для яго – трэцяя частка жыцця.

І чалавек – гэта далёка не рысы твару і не канстытуцыя цела. Кожны з нас – гэта цэлы свет, межы якога неабсяжныя і непазнавальныя нават для яго самога. Культурныя з’явы – сімвалічныя і фізічныя, – з якімі мы судакранаемся ў жыцці, захоўваюць у сабе гісторыю людзей, якія спрычыніліся да гэтых падзей. Водбліск іх душаў, унутранага свету.

Мы хочам прыадчыніць для вас завесу такой культурнай з’явы, як музей. Здаецца, складана распавесці нешта новае: экспанаты гадамі стаяць на адным месцы, манатонны экскурсавод, бурклівая наглядчыца, незаўважная прыбіральшчыца… За гісторыяй гэтых сцен, за лёсам экспанатаў і людзей, якім яны належалі, – праца цэлага калектыва, заклапочанага тым, што застанецца з вамі і ўнутры вас пасля наведвання музея.

Пры дапамозе выставы “Рукі музея” мы хочам акцэнтаваць увагу на адным з асноўных “інструментаў” працы – на руках. Бо рукі людзей, якіх вы бачыце і не бачыце падчас наведвання музея, прапускаюць праз сябе куды больш, чым здаецца на першы погляд.

 

Дарыя Карчашкіна, аўтар праекта

 

НАТАЛЛЯ, у музейнай справе 13 год

Чаму вы працуеце ў музеі?

Я для сябе зразумела, што немагчыма прывыкнуць да гэтай працы, яна ніколі не будзе манатоннай, і таму кожны раз па-новаму цікавая. Увесь час вакол нешта новае: праекты, творчыя і натхнёныя людзі, з якімі мы працуем. Музей дае імпульс да жыцця, пастаяннае падмацаванне энергіяй ад культуры, ад узаемадзеяння з людзьмі, багатымі інтэлектуальна і творча. Гэта натхняе працаваць надалей.

 

Якімі трыма словамі вы можаце апісаць сваю работу?

Пятрусь Броўка. Музей. Памяць.

 

Што вы можаце сказаць пра свае рукі?

Увогуле свае рукі я бачу дастаткова працавітымі. Яны шмат перабіраюць, перакладаюць і гатовы на многае: пачынаючы ад прыборкі і замешвання хлеба да таго, калі ты пальцам павінен указаць і паказаць куды ісці і што рабіць. Тут добра падыходзіць рускамоўнае слова “руководитель” ‒ рукамі водзіць. І я ўсё больш адчуваю, што гэта таксама важна ўмець.

 

ВОЛЬГА, у музейнай справе 10 год

Чаму вы працуеце ў музеі?

Я адчуваю сябе на сваім месцы.

 

Якімі трыма словамі вы можаце апісаць сваю работу?

Адказнасць. Крэатыўнасць. Камунікацыя.

 

Што вы можаце сказаць пра свае рукі?

Рукі – адзін з асноўных маіх працоўных інструментаў. Дакрануцца да прадмета – хоць у пальчатках, але рукамі, запісаць інфармацыю пра прадмет – таксама рукі.

 

ВОЛЬГА, у музейнай справе 8 год

Чаму вы працуеце ў музеі?

Праца – усюды праца, гэта заўсёды і добра, і дрэнна. Але ў гэтым музеі я задавальняю свае патрэбы ў прымяненні сябе. Можна працаваць на любой працы, але не на кожнай будзеш гэта адчуваць. Мне падабаецца і сам музей, і тое, што я ў ім раблю. Праца з фондамі, з калекцыямі, нават з людзьмі, як з супрацоўнікамі, так і з наведвальнікамі, хоць і яны бываюць рознымі.

 

Якімі трыма словамі вы можаце апісаць сваю работу?

Цікавасць. Задавальненне. Людзі.

 

Што вы можаце сказаць пра свае рукі?

Свае рукі я люблю, холю, пешчу, і пагаварыць з імі магу, чаму б і не? Мозг і рукі – гэта практычна адно і тое ж. Калі галава – самая важная частка цела, то рукі – другая. Тое, што мозг запланаваў, зрабілі рукі: напісаць тэкст, нешта намаляваць, штосьці на кампутары зрабіць, схадзіць у фонды той жа пыл выцерці.

 

ПАВЕЛ, у музейнай справе 1,5 годы

Чаму вы працуеце ў музеі?

Мне цікава вывучаць прадметы, пазнаваць гісторыю праз прадметы, весці экскурсіі і атрымліваць зваротную сувязь ад наведвальнікаў. Калі людзям цікава, то і табе прыемна.

 

Якімі трыма словамі вы можаце апісаць сваю работу?

Новае. Гісторыя. Стасункі.

 

Што вы можаце сказаць пра свае рукі?

Мае рукі пастаянна працуюць з базамі дадзеных. Сядзіш, робіш, запаўняеш: інфармацыю аб прадметах, рэтраспектыву, новыя апісанні, вопісы. Рукамі пішуцца тэксты, нешта запаўняецца, выдзяляецца, інфармацыя знаходзіцца. Падчас экскурсій я жэстыкулюю, гэта як дыханне – адбываецца само па сабе. Але я параіў бы сваім рукам быць больш спрытнымі, яны бываюць няспраўныя. Я часам думаю пра адно, а яны робяць іншае.

 

КАРЫНА, у музейнай справе 2 гады

Чаму вы працуеце ў музеі?

Я застаюся ў музеі, таму што гэта – усё ж размеркаванне (смяецца), але гэта ўжо не асноўнае. Я не ведала, што сустрэну тут цікавых людзей, з якімі мне вельмі прыемна працаваць. І я лічу адной з асноўных прычын заставацца ў музеі – наш калектыў.

 

Якімі трыма словамі вы можаце апісаць сваю работу?

Плён. Дом. Містычны.

 

Што вы можаце сказаць пра свае рукі?

Мае рукі… Я многа друкую ці ўвогуле пішу ад рукі. Набіраю тэксты, дакументы, пішу лекцыі і музейна-педагагічныя заняткі, выкладаю пасты ў сацыяльныя сеткі. Цікава, калі мы апранаем на рукі музейныя пальчаткі. Праз іх можна адчуць прадметы і іх энергетыку. Мы іх трымаем у руках, паказваем людзям з усіх бакоў, можам раскрыць, калі гэта кніга ці нататнік.

Калі я праводжу экскурсіі ці чытаю лекцыі, праз маю жэстыкуляцыю я невербальна даводжу некаторыя свае думкі і мае адносіны да гэтых самых думак. Рукі – яшчэ і сродак выражэння майго душэўнага стану і думак.

Рукі неабходна заўсёды даглядаць. Я хацела бы ім сказаць, каб яны не скардзіліся на мяне, калі я недастаткова даглядаю за імі. Мне падабаюцца мае рукі, і нават зламаны некалі палец, які робіць мяне ў нейкім сэнсе ўнікальнай.

 

ДАРЫЯ, у музейнай справе 2 гады

Чаму вы працуеце ў музеі?

Гэта стала работай, без якой я не разумею сябе. Пятрусь Броўка быццам стаў нейкім далёкім родным, пра якога ты павінен ведаць усё і нават больш. Хочацца раскрываць нейкія новыя падрабязнасці, корпацца ў звестках, кнігах. Прага інфармацыі становіцца ўсё большай і ў першую чаргу з літаратурнага пункту гледжання, бо па сваёй адукацыі я літаратуразнаўца. Таксама гэтае месца выцягвае з мяне ідэі. Увогуле я не творчы чалавек і не генератар ідэй, але гэта тое месца, дзе з мяне самі выскокваюць думкі і не атрымліваецца прамаўчаць.

Таксама гэта і праца з людзьмі. Нават калі гэта экскурсіі, ці лекцыі ў іншых установах. Музей ‒ гэта тое месца, дзе я зразумела, што хачу працаваць з людзьмі, хоць насамрэч я іх не вельмі люблю, а часам і баюся. Несці людзям, дзецям нейкія новыя веды, уменні, цікавыя факты, бачыць ў іх вачах удзячнасць ‒ гэта прыемна, гэта важна для мяне.

 

Якімі трыма словамі вы можаце апісаць сваю работу?

Слова. Жыццё. Лёгкасць.

 

Што вы можаце сказаць пра свае рукі?

Мае рукі ‒ гэта мой другі сродак камунікацыі. Зараз, калі мы сталі здымаць відэа, я гэта зразумела яшчэ больш, бо ў кадры я актыўна раблю нешта рукамі, але не памятаю, каб я гэта рабіла. Яны як праваднікі, як частка мяне, якая робіць і дарабляе ўсё маё духоўнае на знешнім узроўні. Таксама гэта і дотык, які часам неабходны, і трыманне кнігі, алоўка. І, канешне, бесперапынны друк. Друк, друк, друк. Калі працуеш з тэкстамі, з літаратурай, без яго не магчыма. Трэба таксама сказаць, што работа ў музеі прывучыла мяне больш адказна даглядаць свае рукі. Калі ты разумееш, што заўтра ты будзеш гэтымі рукамі людзям нешта паказваць, то стараешся, каб яны выглядалі належным чынам.

Я бы папрасіла мае рукі не крыўдаваць на мяне, бо часам я не шкадую іх. І сказала б ім “вялікі дзякуй” за тое, што яны аўтаматычна робяць тое, да чаго нават не даходзяць мае думкі.

 

ЛІЗАВЕТА, у музейнай справе 3 гады

Чаму вы працуеце ў музеі?

У мяне ёсць такое пачуццё, што я хачу нешта зрабіць для нашых дзяцей. Быць тут у музеі, каб яны прыходзілі, і ім было цікава, каб ім было весела, каб яны сутыкаліся з такімі дарослымі, з якімі яны могуць адчуваць сябе спакойна, свабодна. Не ведаю, што ў маёй галаве змянілася апошнім часам, але я ўпэўнена што нам трэба ўкладацца ў дзяцей. Вось як чалавек развіваецца? Спачатку ён вучань, потым ён становіцца нейкім спецыялістам, але ў нейкі момант ён павінен стаць настаўнікам, умець перадаваць свае веды.

 

Якімі трыма словамі вы можаце апісаць сваю работу?

Мост. Атмасфера. Натхненне.

 

Што вы можаце сказаць пра свае рукі?

Я люблю свае рукі. Гэта, пасля мозгу, таксама мой інструмент. Таму што імі я пішу, раблю. Увогуле рукі – мае сябры, каб сканцэнтравацца мне трэба нешта пісаць. Вось я па тэлефоне размаўляю і адразу кладу побач картку і ручку ці нешта раблю рукой. Таму што мне гэта важна. Сувязь майго мозгу і маёй рукі вельмі прамая. Таму я б сваім рукам падзякавала за тое, што яны заўсёды са мною ў камандзе. Мне падабаецца ўсё, што я раблю рукамі.

 

ВАСІЛЬ, у музейнай справе 1,5 гады

Чаму вы працуеце ў музеі?

Прыйшоў працаваць, бо вельмі люблю творчасць Петруся Броўкі і паэзію 30-50-х гг. Застаўся працаваць, бо ў музеі дзівосная атмасфера.

Якімі трыма словамі вы можаце апісаць сваю работу?

Мая праца гэта  пошук і радасць ад нечаканых творчых знаходак.

Што вы можаце сказаць пра свае рукі?

Рукі асноўныя. яны набіраюць на ноўтбуку тэксты пра Броўку.

 

ТАЦЦЯНА, у музейнай справе 10 год

Чаму вы працуеце ў музеі?

Прычына працаваць тут столькі гадоў, напэўна, тая, што нават зайсці ў бібліятэку Петруся Броўкі і проста пастаяць паглядзець на гэтыя кнігі – гэта ўжо вярнуцца да жыцця. Другая прычына – гэта калектыў, ён у нас дружны і з ім прыемна працаваць. А, па-трэцяе, моладзь, якая працуе ў музеі. Яны мне сталі як сваякі, амаль як дзеці і ўнукі.

 

Якімі трыма словамі вы можаце апісаць сваю работу?

Радасць. Радасць. Літаратура.

 

Што вы можаце сказаць пра свае рукі?

Мае рукі – гэта як рукі хлебароба, які збірае ўраджай. Гэтыя рукі часам трымаюць вельмі каштоўныя прадметы, якія хочацца захаваць. Я б сказала сваім рукам: “Не старэйце, не слабейце. І радуйцеся кожнаму дню".

 

ГЛАФІРА, у музейнай справе 0,5 года

Чаму вы працуеце ў музеі?

Прыйшла на працу, каб паспрабаваць свайго першага заработанага хлеба. Асаблівых сентыментаў да музея не адчуваю, але вельмі здзіўлена таму, як шчыра тут працуюць людзі, як яны зацікаўлены прасоўваннем культуры. Я сумяшчаю працу з вучобай у зусім іншай сферы. Там іншыя прыарытэты.

 

Якімі трыма словамі вы можаце апісаць сваю работу?

Трэба. Чысціня. Работа

 

Што вы можаце сказаць пра свае рукі?

Рукі мой асноўны інструмент на працы. Лічу, што любая работа важная, хоць і не прэстыжная. З рукамі я не размаўляла, я не творчы чалавек. Можа, папрацаваўшы ў музеі, зразумею, як гэта робіцца.