Адкрыццё выставы «Не ідзі па глебцы, а ідзі па броўцы!..»


20 студзеня а 16-й гадзіне Літаратурны музей Петруся Броўкі запрашае на адкрыццё выставы “Не ідзі па глебцы, а ідзі па броўцы!..”, створанай сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва.

Сапраўднае сяброўства можа доўжыцца безліч гадоў. Ад звычайных вясковых хлопцаў да дзеячаў культуры, якія ўпісалі свае імёны ў гісторыю нашай краіны, – доўгімі былі жыццёвыя шляхі Петруся Броўкі і Пятра Глебкі. Творчае супрацоўніцтва, сяброўства, павагу яны пранеслі праз усё жыццё. І хоць часам узнікалі непаразуменні, адносіны паміж літаратарамі мацавала вялікая прыхільнасць да беларускай літаратуры і навукі. Значныя этапы свайго жыцця ў бурным ХХ стагоддзі Петрусі прайшлі разам – крытычна разбіралі творы адзін аднаго, пісалі адзін аднаму вершы, стваралі сумесныя праекты (і нават прыдумалі новага аўтара), прадстаўлялі Беларусь на міжнародных пасяджэннях і сесіях Генеральнай Асамблеі ААН, абмяркоўвалі планы на будучыню.

Пра трох сяброў – Петруся Броўку, Пятра Глебку і Кандрата Крапіву – хадзіў жарт, які ўспамінала Ларыса Александроўская: “Скажаш: “Не ідзі па глебцы, а ідзі па броўцы!” – і абодва Петрусі рагочуць, а дадасі яшчэ: “…і сцеражыся крапівы”, і ўжо весела смяюцца ўсе ўтрох, з Кандратам Кандратавічам”.

На адкрыцці выставы прагучаць гісторыі з творчага і асабістага жыцця Броўкі і Глебкі – у якіх праектах, недатычных да паэзіі, яны ўдзельнічалі разам, чаму сталі героямі верша Міхаіла Ісакоўскага пра рэпку і маркоўку, якія непаразуменні ўзнікалі паміж Петрусямі, хто такі Лукаш Бандылевіч і інш.

Уваход вольны!

Адрас: г. Мінск, вул. К.Маркса, 30.

Кантактны тэлефон: +375 (17) 342-09-81.

110